У вырай

RSS Feed
Сярэдняя: 4.6 (8 галасоў)

Зашумела нудна восень
Шумам лісцяў, шумам сосен,
Даўшы волю хмурам;
Ажно з гоняў Беларусі
У вырай вылецелі гусі,
Паплылі ўдаль шнурам.

Следам з выраем, з гусямі
Паляцелі думкі самі,
Сэрца ўскалыхнулі;
Ўскалыхнулі долі плесняй,
Азваліся казкай-песняй,
У смутку патанулі...

Ой, вам, гусі-вырайніцы,
Жыць не доўга ў чужаніцы,
Зноў к нам прыплывеце,
Зноў вас будуць сустракаці
Нашы рэчкі, сенажаці,
Наша сонца ў цвеце.

Ой вы, гусі-гудзіцелькі,
Не забудзеце зямелькі,
Дзе дзяцей пладзілі,
Дзе вы месячык страчалі,
Дзе вы зоркі падлічалі,
Плавалі, хадзілі.

Знаю, зложыце тут косці,
Толькі злётаеце ў госці,
Асвяжыце грудзі:
Вы не ўмееце йшчэ, гусі,
Выракацца Беларусі,
Як умеюць людзі.