Пятрусь Броўка
RSS FeedВераснёўскія вятры
Прыйшлі вятры, і хмараў статкі
Нагналі песень дажджавых
I жоўтыя паклалі латкі
На ўборы паркаў гарадскіх.
Здаецца, вежы так намоклі,
У хмарах, што ў капелюшах,
I ліхтары, як быццам кроплі,
Дрыжаць на тонкіх правадах.
А трубы дахаў плачуць, плачуць,
Уздоўж праспектаў ручайкі.
I толькі гальштукаў дзіцячых
Мільгаюць ярка аганькі.
Восень
Ходзіць восень ў свіце шэрай,
З непагодных хмар сатканай,
Распусціла ветры-косы
Над палямі, пад барамі...
Ходзіць злосная, плюецца,
Лісце жменямі шпурляе...
Толькі сонца не здаецца,
Прабіваецца праз хмары,
Улагоджвае старую.
Дзень, другі нервуе восень,
А пасля паспакайнее,
Стане добрай і ласкавай.
Заспявае, засмяецца,
Світку ўздзене залатую
З лісцяў вогненных кляновых;
У рабіне яркай шчокі,
I глядзяць крыніцы-вочы
Так задумліва на неба.
Добра ў гэткі час на вёсцы —
Скрозь стагі саломы, сена
Восень звонкую вартуюць.
Дзе-нідзе агні на полі.
Там у прысаку гарачым
Бульба смачная пячэцца.
Ходзіць восень чыстым борам
У сукенцы верасовай,
З кожным дрэўцам пагамоніць,
Ажно свеціцца, здаецца,
Мох сівы на даўніх соснах...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Я сваю вітаю восень!
Восень... Восень...
Скрозь стагі, стагі ў зялёных світах...
Звезлі з поля залатое жыта,
А бярозы, клёны, дзе ні глянеш —
Апранулі жоўтае убранне.
Быццам сарамлівая дзяўчына,
Аж гарыць ад чырвані рабіна,
Вецер золкі па шляхах гуляе,
Дзе ні йдзе — чырвонцы растрасае.
Павукі паміж ялін і сосен
Колькі заснавалі новых кросен.
Восень...
Восень...
А ля малатарань шумна, шумна...
Дзень і ноч гамоняць свірны, гумны.
Паплылі машыны ўжо шляхамі
З белымі, таўшчэзнымі мяхамі.
З хат выходзяць людзі, сустракаюць:
— Ах ты, восень,
шчодрая якая,
Будзе ўсё — абнова ў кожнай хаце,
Будзе чым і госця частаваці... —
Кожнага прывецяць і папросяць,
Рады: жыць шчасліва давялося.
Восень...
Восень...
Раніцой са шчэбетам вясёлым
Дзеці йдуць па вуліцах у школы.
Іх шляхі дзівосныя чакаюць,
А бацькі паверхі уздымаюць,
Рады, цэглу ложаць за цаглінай,
I растуць кварталы ў іх няспынна.
А на полі зерняты радамі
Скрозь зямлю прабілі, што цвікамі.
I вясной, як забуяюць росы,
Зашуміць, загойдае калоссе.
Восень... Восень...
Апошнiя водгукi
3 года 12 недель назад
3 года 14 недель назад
7 лет 2 недели назад
7 лет 2 недели назад
7 лет 2 недели назад
8 лет 4 недели назад
8 лет 4 недели назад
8 лет 43 недели назад
9 лет 41 неделя назад
10 лет 5 недель назад