дом
RSS FeedПаляць бульбу
Калі разыходзяцца
лета з восенню палюбоўна,
а бульбянішча на зіму
яшчэ не пераворана,
зграбаюць у кучы,
паляць бульбоўнік.
Іскры лятуць і блякнуць патухлымі зорамі.
Дым спачатку рвецца ўгару,
ды перадумвае неўзабаве, —
мабыць, лагчынай прайсці захацелася.
Барана, што ляжыць дагары зубамі,
як вожык той
абчаплялася лісцем зжаўцелым.
Сланечнік галаву цяжкую
праз частакол прасунуў,
грэецца —
холад даймае патрошку.
Лятуць журавы над Ушачай
з курлыканнем сумным,
ляціць наўздагон ім ціхае:
«Пуцём-дарожкай!»
На возе едзе мох баравы,
запалы лістам,
ігліцай,
дым следам ідзе,
і конь галавою матляе стомлена.
З раніцы хмурыцца, хмарыцца,
пад вечар — імгліцца.
Журавель над студняй прыгнуўся —
нізка пад восеньскай столлю.
Я гэты ціхі дым
на смак
і навобмацак
ведаю,
яго я ні з чым не паблытаю,
любой парою,
дзе б ні быў,
адусюль
па ім, як ганчак па следу,
дарогу дадому знайду,
да матчынага парога.
Апошнiя водгукi
3 года 12 недель назад
3 года 14 недель назад
7 лет 2 недели назад
7 лет 2 недели назад
7 лет 2 недели назад
8 лет 4 недели назад
8 лет 4 недели назад
8 лет 43 недели назад
9 лет 41 неделя назад
10 лет 5 недель назад