каханне
RSS FeedAx, на шчасце, яшчэ ды не ўсохла балота...
Ax, на шчасце, яшчэ ды не ўсохла балота,
А за ім векавее зажураны гай.
Покуль дождж не прайшоў, не апала лістота,
Запрашаю цябе ў журавінавы рай.
He адна пратаптана ў балоце сцяжынка,
Ды ізноў зарастае травою наскрозь.
Журавелю ты мой, я твая журавінка,
Што не вяне пад снегам і ў грозны мароз.
Але ты — гарадамі! I як за гарамі —
Немагчыма дазвацца, даклікацца мне.
Застаюся адна з векавымі дарамі
У сівой, у палескай сваёй старане.
Толькі далечы гэтай адкрытая насцеж,
Зноў святлее душа, як лістотай лясы.
...Журавінавым болем прабілася шчасце,
I палае яно паміж позняй расы.
Апошнія гусі
Гусі апошнія стомленым клінам
Неба ўзаралі, самотна крычаць...
Мне, як заўжды, у такую хвіліну
Хочацца разам з табой памаўчаць.
Хочацца тут — у бары азалелым,
Дзе вымятаюць лісцё скразнякі,
Сесці цішком на пяньку абымшэлым
I прытуліцца — шчакой да шчакі.
Гусі крычаць, бо прыйшло развітанне,
Дзесьці прадзецца кудзеля зімы.
Крыл калыханне, як наша дыханне,
Наша дыханне, як крыл калыханне...
Вырай праз вечнасць...
І ў выраі — мы.
Вераснёвае пано
У Барнардынскай прысадзе
шапочуць пажоўклыя лісці,
Ледзь прыкметны на сцежках
бліскучыя скуркі каштанаў,
I вада ў Вялейцы,
ад зімна сіней і празрысцей,
Гаманіць з камянём
аб працёкшых гадох без устану...
...I выходзіць між дрэў,
ў патаёмную вечара пору,
Князь апошні Літвы,
ў хвалях гаснучых зыбкага свету,
З барадой кучаравай —
даспелых каштанаў калёру,
Са струсёвым пяром,
што як воблак, пад чорным берэтам.
I, суваючысь крокам павольным
па сцежынках саду,
Ён усходзе на гору,
падходзіць да вежы цаглянай
I, апёршысь рукой пад плашчом
на злачоную шпаду,
На прыціхшае месца
глядзіць аж да самага рана...
I чакае... пакуль не засмуціцца
ноч над ракою,
Над вадой пабялеўшай
прытуляцца сонныя мары
I ў празрыстай імгле
паплывуць лебядзі чарадою,
А над іскрамі росаў
праблісне апратка Барбары...
Апошнiя водгукi
3 года 12 недель назад
3 года 14 недель назад
7 лет 2 недели назад
7 лет 2 недели назад
7 лет 2 недели назад
8 лет 4 недели назад
8 лет 4 недели назад
8 лет 43 недели назад
9 лет 41 неделя назад
10 лет 5 недель назад