прырода
RSS FeedІдуць дажджы...
Ідуць дажджы,
Асенняя пара.
Заплаканыя вокны спахмурнелі.
Аўторка не адрозніш ад нядзелі,
Ад быльнягу — шпачынага пяра.
За тыдзень свет, здаецца, пастарэў.
За вёскай — непралазнае балота.
Апошняя цяжкая пазалота
Злятае з абсвістаных ветрам дрэў...
А потым
сонца высветліць блакіт,
I дрэвы ўміг ізноў памаладзелі,
I над ракою ў золаце нядзелі —
Наструненыя постаці ракіт...
Заблытаны лісткі календара.
У чыстым небе,
маладым і сінім,
Перапляліся промні з павуціннем…
Ах, восень,
пераходная пара...
Адзвінела павуціна...
Адзвінела павуціна
Над абрусам мурагоў...
Восень выткала хусціну
Над шаломамі стагоў.
I рукою чараўніцы
Сыпанула ў бор агню,
Дзе бярозкі-маладзіцы
Рады сонечнаму дню...
Дзе зязюлі кукавалі,
Дзе чаромхі цвет кіпеў,
Дзе асінкі уздыхалі
Пад дзявочы срэбны спеў...
Эх, часіна залатая,
Вераснёвая пара!
Смуткам сэрца мне кранае
Жураўліная зара.
Адлёт жураўлёў
Белыя валокны
Сцелюцца над долам.
Не спяваюць птушкі,
Сціхнуў лесу шолам.
Сцелюцца валокны,
Тчэцца павуціна —
Блізка, блізка восень,
Смутная часіна!
Зажурыцца неба,
Схованае ў хмары,
I агорнуць сэрца
Нейкі жаль і мары.
Замірае лета,
Заціхаюць далі,
Сірацее рэчка,
Халадзеюць хвалі.
Стомленасць, знямеласць...
Тояць думку боры...
Шш! што та за гукі
Чуюцца ў прасторы?
Жаласна-прыгожа
Льюцца ў небе гукі,
Слухаюць лясы іх,
Луг, балота, лукі.
У бязмежным небе
Роўненькім шнурочкам
Жураўлі на вырай
Мкнуцца над лясочкам.
Меншыцца шнурочак,
У паднеб'і тае,
Вось ледзь-ледзь чарнее,
Міг — і прападае.
I стаіш ты, смутны,
Доўга пазіраеш,
Як бы нешта страціў,
А што — сам не знаеш.
Так у час расстання
З тым, хто сэрцу любы,
Адчуваеш смутак
Цяжкай страты-згубы
I глядзіш маўкліва
На дарожку тую,
Што нясе ўдалечу
Душу дарагую.
Апошнiя водгукi
3 года 3 дня назад
3 года 2 недели назад
6 лет 42 недели назад
6 лет 42 недели назад
6 лет 43 недели назад
7 лет 45 недель назад
7 лет 45 недель назад
8 лет 31 неделя назад
9 лет 29 недель назад
9 лет 45 недель назад