Кастусь Цвірка

RSS Feed

Перадзім'е

Сярэдняя: 4.8 (6 галасоў)

Ад лета — ні духу.
Завораны ржэўнік.
Узмежкі на ўзлеску —
у лісцях зрыжэлых.

Навіслае неба
дастанеш рукою —
Сее, і сее, і сее
імжою.

Даўно адцвіло ўсё наўкол,
адгалёкала —
Ды мне яна люба ўсё ж,
восень глыбокая...

Ледзь з ночы абдымкаў
змутнелы дзень выслізне,
Вядзе мяне сцежка
за сад наш бязлісты.

Глухою няўтульнасцю
вее ад гаю:
Астуджаны ўвесь ён
ад краю да краю.

Бы смерч пракаціўся які тут,
сваёю
Мятлою ўсё змёўшы, —
бязлюддзе, бязмоўе.

Але ён жывы,
гэты лес перадзімны, —
Ці чуеш, якія
гучаць у ім гімны!

У ясных асінах,
бярозах высокіх
Як тонка струменяць
бяссонныя сокі!

Як голае голле
(было наваселле?)
Пупышак высокія сем'і
абселі!

Там — толькі прыслухацца —
тонкае ціньканне:
Сінічкі!
Як грэе ў пару гэту песня іх ціхая!

Далей, за раўком,
за ляшчэўнікам рабым
Хто раптам сыпнуў
гулкім градам па грабу?

Ён, дзяцел!
Сабе адшукаў сухадрэвіну
I шчыра малоціць,
Бог лесу нядрэмны.

Ля ног — дзераза:
пад ялін паднавесам
He зблякла —
паўзе паміж купін і верасу.

А побач, як радасць
(аб тлене не слухай!)
Асколачкам сонца —
брусніца-драмуха!..

Хаджу па куп'і ды хаджу
без прыгодаў:
Спакой і суладнасць —
заснула прырода.

На вочы насунула
шапку аблокаў,
Спіць пасля лета шумлівага —
моцна, глыбока.

Усе аўтары