Анатоль Грачанікаў

RSS Feed

Асенні вецер

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Закляклы вільготны вецер
Прытулку нідзе не мае.
Вачыма ваўчынымі свеціць
Асенняя ноч нямая.

Спяваць ён і плакаць мусіць.
Смутак — з сабою дзеліць.
Ніхто яго ў пушчы не ўкусіць,
Ніхто і не абнадзеіць.

I вецер
Рагоча, свішча.
Падае ва ўтрапенні...
Асенняя такавішча
Ці самасуд асенні?

Без бліскавіц і грому —
Кара зямлі і неба, —
Калі ты нікому-нікому,
Нікому ў жыцці не трэба.

Верасень

Сярэдняя: 4 (7 галасоў)

Зноў верасень —
Запаслівы грыбнік —
Шчыруе па імшыстых баравінах.
Трымціць раса на звонкіх павуцінах
I травастою пах яшчэ не знік.

Немітусліва
Промні аж да дна
Прасвечваюць азёрныя глыбіні.
I гронкі ацяжэлыя каліны
Насыціліся сокамі спаўна.

Мне даспадобы
Верасень заўжды.
I не таму, што ў ім я нарадзіўся.
У верасні мне свет увесь адкрыўся
У спеласці сакоўнай — малады.

Так, свет!
I сам я ў вераснёвы час,
Прасвечаны святлом яго, як гронка,
Спяваю і не ціха, і не звонка
Для вас, абшары родныя, для вас,

Шчымліва
Адчуваючы душой
Закончаную яснасць у прыродзе,
I ў жураўліным сцішаным палёце,
I ў засцюдзелай быстрыні рачной.

Вулля
Шукае позняя пчала.
Лагодна-мяккі свет, нібы вашчына.
I дабратой прасвечана Айчына
У барвах баравіннага святла.

Глыбокая восень

Сярэдняя: 3.3 (10 галасоў)

Дрэвы ў змроку за Сожам —
Вываратнямі-карчамі.
Усю ноч каля іх трывожна
Птахі начныя крычалі.

Пад навіссю хмар азызлых
У бліскавічных накрапах
Жах там блукаў вялізны
На схаладнелых лапах.

Трубілі ласі на кручы,
Самы ў віры падаліся,
Касулі збіваліся ў кучы,
Збягаліся ў норы лісы.

Сцяліся дрэвы, напэўна,
Галіны сплялі тугія.
У вёсцы не пелі пеўні
Hi першыя, ні другія.

Гняло і людзей, і хаты,
Блішчэлі ў вокнах цыгаркі.
Зазімак ехаў у сваты
Да восені-перастаркі.

Усе аўтары