Юрась Свірка

RSS Feed

Баравіковае

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Апошнія нажыткі лесу —
Грыбы,
Асеннія грыбы.
I з драмняку ў драмняк я лезу,
Ад павуціння твар рабы.

Нагамі верасы рассоўваю,
Ступаю мякка ля імхоў...
Налезла ў кошык верасовых
Па кулаку баравікоў...

А неба нізкае захмарана,
I ад імжы мой плашч намок.
Прапахлы багуном, імшарамі,
Іду, нагрыблены, дамоў.

А лес змаўчаў,
Што я запознена
Прыйшоў наведаць драмнякі,
I не сказаў,
Што ён апошнія
Мне аддаваў баравікі.

Восень

Яшчэ не ацэнена

Яе мне бачыць
Кожны год даводзіцца,
Бо сустракаць выходжу на дарогу,
Яна заўсёды
З жоўтай фарбай возіцца
I ўсё знішчае парасткі жывога.

Ды гэтым часам
Мне ніяк не верыцца,
Што зноў пара цвіцення адыходзіць:
Я добра знаю,
Што ў пачатку верасня
He адцвіло яшчэ усё ў прыродзе.

Гляджу —
А восень села ля абочыны,
Вянок сабе саткала з павуціны
I дзівіцца:
Зноў асака адскочыла
I на балоце спеюць журавіны.

Хто гэта, хто гэта...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Хто гэта, хто гэта
Лета на поўдзень адцягвае?

Чэрвень сунічны згарэў.
Ліпень змарыўся ў пракосах.
Жнівень згасае,

Жнеўнікам колецца,
Шапкай стагоў памахаўшы.

Хто гэта, хто гэта
Лета цягне на поўдзень?

Ніхто не выходзіць яго ратаваць,
Як чэрвень ўрастаецца ў ліпень,
Як ліпень хінецца да жніўня,
Як жнівень у верасні тоне.

Хто гэта, хто гэта
Лета на поўдзень адцягвае?

Хто гэта, хто гэта
Леты мае перацягвае
За той небасхіл,
Дзе не хочуць яны маладзіцца?..

Усе аўтары