Максім Танк

RSS Feed

Восенню

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

Стрэхі мокрыя ўніз апусцілі рукавы,
пачарнелі гасцінцы, дарог каляіны;
дацвітае лістом і лаза і крушына,
і ў імшарах лясных дагарае атава...

Глядзіць родная даль з-пад насуненай шапкі
туманоў, што вісяць дываном над балотам;
пад дзядоўскім старым і пахіленым плотам
вецер лісце, як пер’е, ўзмятае ахапкам.

А паўднём сонца лістам чырвонай асіны
расцвіце паміж дрэў, ды ізноў у гушчары
ападзе і рассыплецца ў ціхіх імшарах
па ягодніку спелай агнём-журавінай...

Калі-ж ноч ападзе, рассыпаючы зоры,
і затлеюць яны над іржавым папарам,
вечарамі тады дзед на дошчатых нарах
ўспамінае жыццё, што мінула yчopa.

І, як памяць сівая далёка ахопіць,
ён гаворыць з тугой аб гушчарах глыбокіх,
бы памінкі спраўляе па соснах высокіх,
па лагах, па ласіных загубленых тропах...

Ды пытае мяне пра блізкіх і знаёмых,
што пайшлі у жыццё прамяністай дарогай,
і ці шмат, як і я, маладых у астрогах
дні свае караталі ў падвалах сцюдзёных...

І, заслухаўшыся, галаву апускае сівую,
як сасна, пабялеўшая раннім марозам,
словы-ж так ападаюць, як лісце бярозы,
на асеннюю быль і на казку старую.

Восень

Сярэдняя: 3 (4 галасоў)
Цяпер гасцей убачыш рэдка
і тыя, змораныя сном, —
а вераснёвай зорнай сеткай
зацягнена у тоні дно.
I пакідаць на вецер блага
такую музыку без слоў,
не пырснуць серабраных ягад
пявучым у руках вяслом, —
пакуль яшчэ паэты дома,
турысты спяць да дзесяці,
пакуль па выцвіўшых альбомах
не удалося разнясці
наднарачанскіх акварэляў,
плывеш дзень парусам падняць,
а ключ гусей
                      і хмараў белых
адносіць вецер на паўдня.

Восень

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц.
Вецер дзьмуў, і шумеў па-над Нёманам бор.
Восень вецце сухое зграбла і на ўзлессі
Падпаліла пагрэцца начлежны касцёр.

Падпаліла касцёр, прылягла у тумане,
Ды кароткім быў гэты пад зорамі сон:
Крык трывожны птушыны збудзіў яе рана,
Па зямлі ад кастра разліваўся агонь.

Загарэліся гнёзды, і іскры пажару
Пачала яна з птушкамі, з ветрам гасіць.
Толькі полымя ўжо разлілося ў імшарах,
Па лясах і палях, па курганах брусніц.

I па сённяшні дзень восень жару не можа
Пагасіць на зямлі, ходзе з краю у край,
Заліваючы ліўнямі ў полі бярозы
I цалуючы кожны рабінавы гай.

Усе аўтары