Васіль Зуёнак

RSS Feed

Агонія лістападу

Яшчэ не ацэнена

Спіць душа, і думак алавяных
Воз на голях восеньскіх заграз...
Дзе вы, лёгкай радасці паляны,
I якое сонца грэе вас?

За якім схаваўся даляглядам
Сумны клін апошніх журавоў?
Паглядзець памкнуся — а прысады
Голлем шлегануць: «Ідзі дамоў...»

Голы вецер свісне:
— Ты не вельмі
Давярайся восені ў жыцці:
Хоць і ўсё дазволена — ды нельга,
Хоць адкрыта ўсё — ды не ўзляціш...

Воля тут, як спелая рабіна:
Хустка ёсць, ды нечага абуць, —
He ўцячы ад налеці драздзінай:
Кроплі-ягады крывавыя дзяўбуць...

Абмакрэлым, незямным цяжарам
Цягнуць хмары шэрую нуду...
Хутка ўдараць белыя пажары,
Полымем сцюдзёным загудуць...

Дрыготкая бярозка пад акном...

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Дрыготкая бярозка пад акном,
Як адзінца, калыша ліст змарнелы.
Замкнуўшы сонца, сквапны аканом —
Асенні дзень —
блукае адубела.
I будзе так, пакуль сухі мароз
Заломіць на трыццатае калена.
I будзе так:
панура, без пагроз
Дождж наступае — нетаропка, лена...
Дзіравы стаў, ці што, нябесны дах?
Плюшчыць, сячэ з халоднаю прыпаркай.
Тапырацца шпакі на правадах...
Сарваліся...
Знікаюць чорнай хмаркай...
I вечарэе ранішні прасцяг...
Пружыніцца рачулкі стынь тугая.
На ўзгорку —
хвойнік, як вясновы сцяг,
Вечназялёным полымем шугае.

Над Беларуссю дажджы...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Над Беларуссю дажджы,
Вецер заходне-паўночны.
Жнівень сваё аджыў,
А студзень — жыць неахвочы.

Асенняму сонцу не вер:
То выблісне, то патухне, —
Нібы ў эпохі намер:
Быць плакальшчыцай ці павітухай?..

На раздарожжы стаіць
Час, як бадзяга прамоклы.
Над лёсам і сёл, і сталіц
Аселі нябесныя кроквы.

Здаецца, вось-вось ападзе,
Абваліцца дах сусветны,
Прыцісне і нас, людзей,
Як гэту зямлю і лета...

Над Беларуссю дажджы —
Хваліцца радыёхваля,
Як весткай, што Гандзі Раджыў
З Артэгам разрадку віталі,

Як з Веліхавым інтэрв'ю
Пра ядзерных зім завіруху,
Як песняй, што ў модным рэвю
Пакуль яшчэ можна паслухаць...

Гарантый няма цяпер,
Гняце няпэўнасці высеў.
Асенняму сонцу не вер
I ў ногі вясне пакланіся...

Усе аўтары