Кастусь Кірыенка

RSS Feed

Над верасамі

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Над верасамі, над верасамі,
Там, дзе нядаўна
з грымот выкрасалі
Хмары агні бліскавіц, —
Над верасамі, над верасамі,
З ціхімі восеньскімі галасамі,
Ноч апускаецца ніц.
Ясныя зоры, верасня зоры
Сталі як быццам гусцей і вышэй.
Над верасамі, над верасамі
Ноч
Абдымае зямныя прасторы,
Кажа ім з ласкай:
— Цішэй!..
— Чуеце? —
Ноч іх пытае ўстрывожана. —
Падае першы з бярозы лісток!..
Чуеце?..
Што гэта?..
Чым ён зняможаны?..
Ці ліхадзействам чыім заварожаны?
Што з ім?
Скажы,
Верасовы куток!..
Далі маўчаць — у здзіўленні і самі.
Зоры мігцяць — бы не чуюць зямлі.
Толькі аднекуль здалёку часамі
Над верасамі, над верасамі
Хтось залатымі ўзмахне паясамі —
Быццам зарніцы ўсплылі.
Ноч без адказу хвалюецца горна.
Душна... Ды ночы дзесь чуецца лёд...
А верасы —
і пад цемрай нязморана
Пахнуць, пахнуць,
Бурна і спорна
Пчолам апошні рыхтуючы мёд!..

Усе аўтары