Янусь Малец

RSS Feed

Бяда

Сярэдняя: 4 (46 галасоў)

Я ад гэтай маўклівай восені
Спачування ані не прашу
I над ціхай азёрнай просінню
Не заплачу і не закрычу.

А намоклыя дрэвы горбяцца,
З іх даждынкі – як кропелькі слёз.
Як жа цяжка з бядой-бяздонніцай
Каля гэтых асін і бяроз!

I нікога няма на востраве,
Не памогуць – крычы не крычы,
А ў грудзях б'ецца штосьці вострае,
Хоча рэбраў зламаць абручы.

Восень

Сярэдняя: 4.2 (32 галасоў)
Што ты, восень, бушуеш? —
То дажджы, то святло,
То з вятрамі танцуеш,
То мяне, ім на зло,
Запрашаеш на танец
Праз аконнае шкло.
То скідаеш пяшчотна
Медзяныя лісткі,
То, застыўшы гаротна,
Ты глядзіш з-пад рукі,
Як сумуюць і плачуць
Журавоў касякі.
То таксама заплачаш,
Паміж дрэў прашуміш,
Падварышчы праскачаш,
Па страсе прабубніш
I, раптоўна прыціхшы,
Сумна ў далеч глядзіш,
Забываешся ў чарах
І чакаеш цяпло...
Толькі ўсё гэта марна:
Што прайшло, дык прайшло...
I чаго ж ты бушуеш,
То дажджы,
                    то святло?

Вось і новая восень звонка...

Сярэдняя: 4.7 (31 голас)

Вось і новая восень звонка
Ап'яняе мяне, імчыць.
Як па струнах, па рэйках тонкіх
У той край, дзе пачаў я жыць,
Дзе мне мама не раз казала
(У вачах залацінак мільён!):
– А я, Янусь, цябе чакала,
Мне ж учора прысніўся сон!

Усе аўтары