Паўлюк Трус

RSS Feed

Трыпціх

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)
                               I

Тане ў слязах асенняя дарога,
Халодны дзень імжыць па-над сялом.
I патанулі ў золаце разлогі
Пад сумнай восені авеяным крылом.

Халодны дзень імжыць па-над сялом,
А цені кволыя купаюцца ў даліне,
Пад сумнай восені авеяным крылом
Слязьмі у сэрцы песня  не астыне.

А цені кволыя купаюцца ў даліне,
У лузе плаваюць абветраным чаўном.
Слязьмі у сэрцы песня не астыне,
Не адцвіце вяргіняй пад акном!

                               II

Трымціць і сцелецца над гаем пазалота,
На хмарах просінь сочыцца ўдалі.
I ў соннай высі кружаць над балотам,
У шумавінні  тонуць жураўлі.

На хмарах просінь сочыцца ўдалі,
На дне душы звіваецца у радасць.
I ў шумавінні тонуць жураўлі,
Дзе зажурыліся пад шэранню прысады.

На дне душы звіваецца у радасць
Журба пунсовая асенніх журавін...
Дзе зажурыліся пад шэранню прысады,
Там чары восені я ў радасці спавіў.

                               III

Пад месяц журацца асмуглыя рабіны,
Завялі й плачуць астры пад акном,
I патанулі песні ў шумавінні,
Дзе пасцілаецца лістота дываном.

Завялі й плачуць астры пад акном,
I долу сыплюцца пунсовыя пялёсткі,
Дзе пасцілаецца лістота дываном.
На дне душы красуе буйны росквіт.

I долу сыплюцца пунсовыя пялёсткі,
Узоры ткуць пад гаем на траве,
А ў сэрцы зорамі цвіце, красуе росквіт
I завіваецца ў каралі сонцавей.

Яна (урывак)

Сярэдняя: 1 (1 голас)

А як восень сярдзітымі сцюжамі
Загудзе, завіхурыць на ржышчы, —
Яна, — вёскі сялянка лапцюжная, —
Ахінуўшыся зрэбнай кастрыцаю,
У пылу цёмна-едкім, удушным,
Качанее яна, смуглаліцая,
Дзень цалюткі і з месца не рушыць.
Бо сямейка — сямейка мужычая,
Абарваныя дробныя дзеці, —
Трэба бедных кужэльнаю жычкаю
Абавіць і у зрэб'е адзець.
Бо каму, як не ёй, смуглатварай,
Упівацца даводзіцца горам.
Але жыцце кіпуча-бунтарнае
Адчыніла ёй новы прастор.

Усе аўтары