Лявон Неўдах

RSS Feed

Каханак Восені

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Шчодра дорыць дні кахання восень --
быццам золатам вышэйшай пробы.
Гэта якасць і маіх адносін
да яе як боскае асобы.
Быць каханкам палкім не стамлюся
з прыма-прыгажуняй Беларусі.

Хто кахаў, той сціплы на прызнанні,
бо няма кахання без даверу.
Я губляў прытомнасць у каханні --
можа, гэта й ёсць каханню мера?
Восень мне спакусліва шапоча:
навучыць кахаць па-боску хоча.

Гэй, душа, не йрвіся порстка ў высі --
і з малітвай будзеш там пранырай.
Там цяпер птушыныя абрысы --
птушкі ў зграях даюць дзёру ў вырай.
Моташна душы ў рабрынах-клетцы...
Восень з тых маіх пакут смяецца.

А хіба каханне ёсць без суму?
Скуль жа ён? І што яму прычынай?
Можа, пах французскае парфумы
ад шляхетнай полацкай жанчыны?
Восень зазлуе, дажджом астудзіць:
а ці будзеш?! а ці будзеш?! а ці будзеш?!.

Я пралюбадзейнічаў з каханай
і кпіў з Бібліі, якую склалі людзі
пра свае адвечныя заганы --
рай спаскудзілі ж... І зямлю спаскудзяць!
Восень спахмурнее чорна-шэра,
раіць ведаць у каханні меру.

Гэта класіка: ў каханні слодыч мёду.
Зноў класічнае -- і гарката палыну.
Я ж адкрыў у каханні пару году,
ды яшчэ з характарам жанчыны.
Восень міласціва падпускае к пясці --
вуснамі к Вялікасці прыпасці!

Я ў каханні непапраўны дурань,
хоць і быў нярэдка вельмі смелы.
Толькі гэтак пра сябе падумаў --
Беларусь напраўду стала белай.
Восень схаладнее, як адрыне:
на, вяртайся да сваёй Айчыны!

Мабыць, ёсць каханне і без суму.
Ўтульна ў доме полацкай жанчыны.
Млосны пах французскае парфумы...
Не, для суму ўсё-ткі ёсць прычыны.
Падыду к Айчыне, ціха ўткнуся ў плечы.
Побач восень шэпча: "Да суст-рэ-чы-ы...".

Сам-насам з Восенню

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Пані Восень, што са мной вы робіце?
Сталасць помсціць маладым гадам.
Божа мой -- і гэта мне не мроіцца --
Салаўі ў кастрычніцкіх садах!
То не дождж пяе і звонка цохкае
І не спіўся я ў піўным шынку,
Хоць Радзіма -- як дзіцё сіроцкае
І чужынцы кпяць з яе пакуль...

Можа, хтось скланіраваў каханне?
Ох, даўно такога не было:
Нібы ўпершыню абняў жаданую
І адчуў дзявочае цяпло!
То не слота грэе ўжо душу знямоглую
І не здолеў розум я прапіць,
Хоць Радзіма -- як жабрачка з торбаю,
Хочацца ёй за чужынцам жыць.

Не жабрак я, не трываю кпінаў,
Маці быць не можа сіратой...
Пані Восень,
Станьце мне Радзімай --
Будзеце заступніцай маёй!
То не слота грэе ўжо душу знямоглую,
То не дождж пяе і звонка цохкае:
Салаўі ў кастрычніцкіх садах!..
...Сталасць помсціць маладым гадам.

Світае. Ноччу выпаў снег

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Світае. Ноччу выпаў снег,
а я да гэткай з"явы не гатовы,
бо доўжыў па Паэзіі турнэ,
шукаючы красы асенней словы.
Гляджу: і ў грубцы сцюжа пабыла...
Я не хачу вядомасці сусветнай,
мне проста хочацца цяпла --
звычайнага, хоць бабінага лета.

Шчаслівы я, бо пачынае днець.
Дажыў да дня, і вось цяпер я маю
другую восень -- нібы ў сівізне...
Яна па сэрцы мне й такая!
Цяпер іначай трэба будзе жыць:
паліць у грубцы, з коткай слухаць вецер,
снягір са Швецыі ў сад наш прыляціць
і падзяўбе каліну ўсю на вецці.
Не стану больш пісаць пра восень верш,
хоць Нобелеўскай прэміі ён варты,
бо найважнейшае найперш --
вось гэты ранак з холадам упартым,
які прынёс трывожнае святло...

...Ўсё ж пану Нобелю для роздуму пакінем:
агонь у грубцы, котка, вецер, дом,
снягір са Швецыі на полацкай каліне...

Усе аўтары