Уладзімір Дубоўка

RSS Feed

Залатая, асенняя раніца...

Сярэдняя: 4.8 (6 галасоў)

Залатая, асенняя раніца!
Хараством ты на свеце адна.
Сонца ў пушчы глыбокай купаецца
і ніяк не дастане да дна...

Мітусіцца лісцё па аселіцы,
як дзвіна матылькоў-мітульгі.
І узвее яна, і пасцеліцца,
распаветрыцца на берагі.

А яны, берагі беражыстыя,
не стрымаюць асенні напеў.
І ліецца, віецца сукрысты ён,
і разгортваецца каля дрэў.

Прытулі, прыхіні на апошняе
і згадай гэты дзень залаты,
што над пушчай, згалелымі пожнямі
рассыпаў залатыя лісты.

Рассыпаў і раскідваў прыгоршчамі
на акрасу, на жаль, на ўспамін.
Развітальная хвіля найгоршая,
яна можа і сэрца спаліць.

Не бядуй, не гаруй - пад цяжарамі
мне не йсці, шчасця ў іх не шукаць,
з-за балота мігціць, за выгарамі
прамяніцца пярэстая гаць.

Не гаруй! Ты дарэмна заплакала:
я прыйду, я вярнуся ізноў.
Лёс для ўсіх не бывае аднакавы,
як для тых засмучоных лістоў.

Залатая, асенняя раніца!
З хараством, з пекнатою - бывай!
Ужо сонца за пушчу хаваецца,
кармазынам гарыць небакрай...

Трыпціх

Сярэдняя: 5 (1 голас)

I

Журавінамі плача восень,
апавіўся тугою абшар.
Я не ведаю, можа, здалося, −
незвычайна баліць душа.

Апавіўся тугою абшар,
а верасень сэрца калечыць.
Незвычайна баліць душа,
быццам цісне нешта на плечы.

А верасень сэрца калечыць,
пальцамі жоўтых кляновых лістоў.
Быццам цісне нешта на плечы,
галаву схіляе на дол.

II

Ой, туга! Хай ляціць з журавамі,
хай на ніцыя лозы туга ляціць.
Нас жыццё віратлівае вабіць
і спяваць будзе з намі ў трысці.

Хай на ніцыя лозы туга ляціць,
доля наша павінна быць з намі.
І спяваць будзе з намі ў трысці
між сцюдзёна-ліловых туманаў.

Доля наша павінна быць з намі,
бо дагэтуль яе не было.
Між сцюдзёна-ліловых туманаў
апране нас сваім крылом.

III

Каля возера, пушчы зымшалай
я на пасту калісьці ганяў.
Мне здавалася: жоўкне памалу
і засохне прыбалотны хмызняк.

Я на пасту калісьці ганяў,
дзераза пасцілалася ў ногі.
…І засохне прыбалотны хмызняк,
калі песня журбу не прагоніць…

Дзераза пасцілалася ў ногі,
вецер сыпаў лістоту далоў.
Калі песня журбу не прагоніць, −
яе не адкіне далонь!

Усе аўтары