Ігар Пракаповіч

RSS Feed

Асеннія фарбы душу напаўняюць самотай

Яшчэ не ацэнена

Асеннія фарбы душу напаўняюць самотай.
Жыццё як імгненне: паспеееш хіба азірнуцца.
Мінулае гляне амаль беспрасветнай работай
І кроплямі шчасця, якімі не змог захлынуцца.

Яно адлятае, нібыта птушыныя зграі
На бераг далёкі з чароўнаю назваю “вырай”.
Душа ж свае крылы да сэрца бліжэй прыціскае,
Бо мусіць застацца ў гэтай краіне астылай.

І бачыць паўсюдна самотна-шчымлівыя мроі
У барвах асенніх ужо непатрэбнай лістоты,
У гэтым трывожным халодна-даждлівым спакоі,
У днях, што мінуць у палоне будзённай работы.

А кропелькі шчасця ізноў застануцца ў росах.
Іх высушыць сонца, падыміць высока да неба.
І зрэжуцца травы. І лягуць на роўных пракосах.
І цела захоча скарынку жытнёвага хлеба…

Кроплі, як слёзы…

Яшчэ не ацэнена

Кроплі, як слёзы…
Халоднае шкло.
Далеч закрыла
смуга.
Ўсё, што мінула,
урэшце, тло.
Ўсё, што прыйшло, -
туга.

Думкаю можна
ляцець у свет,
Але ж –
нялётны дзень.
Там, за акном,
памірае цвет
Колерам
у агмень.

Кволыя промні
таго агню
Тушыць заўзята
дождж.
І, як падатак
пустому дню,
З клёна
злятае
грош…

Раннія вечары восені паўнаводнай

Яшчэ не ацэнена

Раннія вечары восені паўнаводнай
Ходзяць каля платоў і местачковых хат.
Ім ужо не сустрэць постаці аніводнай.
“Спіць ужо ўсё даўно...” – ціха гаворыць сад.

На аксаміт зары дрэвы паклалі рукі,
Хочуць яе абняць і не пусціць у змрок.
Дзесці за небасхіл зноўку сплываюць гукі –
Восень у садзе тым
робіць нячутны крок...

Усе аўтары